Сустрэча
 
14
студзеня
субота
а 14.00
(каля м.Магілёўская)
Сустрэчы‎ > ‎

Дзявятая сустрэча

4 верасня 2010 г.

Прысутныя: З. Саўка, У. Кошчанка, П. Шут, У. Чорны, А. Булойчык, І. Грачышка (6 чалавек).

 

Напачатку было ўзнятае пытанне магчымых шляхоў аптымізацыі працы.

З. Саўка заўважыў, што суполцы не хапае выразнасці вынікаў працы: таму першая старонка сайта мусіць падаваць інфармацыю пра тое, з чым мы ўжо разабраліся і што мы рэкамендуем для ўжытку. Мы маглі б на адной з наступных сустрэч праглядзець цяперашні спіс абмеркаваных словаў і зацвердзіць яго канчаткова.

І. Грачышка таксама заўважыў, што трэба як надаваць шмат увагі якасці, дакладнасці і падрабязнасці ўнутранай дакументацыі, якая павінна змяшчаць матывацыю кожнага выніку абмеркавання; аўдыёзапісу для гэтага недастаткова, да яго трэба вяртацца толькі ў выключных выпадках.

З. Саўка на гэта зазначыў, што ўсё-такі няма сур'ёзнай патрэбы весці ідэальную дакументацыю, бо няма натоўпаў, якія б чакалі гэтага ад нас, а таксама фармальнасці працэсу, абавязковасці вынікаў і г.д.

 

Словы:

  1. icon: іконка, абразок, піктаграма, значок/значка/значак/значык.

Абразок:

І.Г.: вобраз – абстрактнае слова, не адсылае сваёй семантыкай да малюнка, выявы.

З.С.: калька з англійскай мовы (пераклад icon у рэлігійным сэнсе).

 

Іконка:

З.С.: іконка – звышняўдалы тэрмін, завязаны на англійскім тэрміне, канфліктуе з агульнамоўным сэнсам (выключна рэлігійным). Плюсы: яно вельмі ўжыванае. Магчыма, англійская экспансія гэтулькі моцная, што мы можам пачаць яго наогул разглядаць.

 

Піктаграма:

П.Ш., З.С.: піктаграма – (надта) афіцыйны стыль.

У.К.: піктаграма можа быць больш прыдатнай для тэрміналогіі (сур'ёзнае гучанне).

П.Ш.: прапанова даць слову некалькі адпаведнікаў (высокі і нізкі стыль). Выклікала нязгоду І.Г. Ды іншых («не трэба ўскладняць тое, што можна пакінуць простым»).

З.С.: не трэба ісці за расійцамі і накідаць беларускай мове псеўданавуковы стыль, які толькі зацямняе сэнс і расцягвае сказы.

 

Знак:

З.С.: знак – вельмі простая выява, камп'ютарная выява можа быць больш складанай і непрымітыўнай. Знак – не вельмі прыдатна.

У.К.: да таго ж, знак заняты для character (гліфа, найдрабнейшай адзінкі тэксту).

 

Знач[о]к:

З.С.: форма знАчак узнікла недзе ў 1980-ыя гг., на хвалі адмаўлення расійскіх формаў у мове. Форма мае такую праблему: незразумела, ці маем у ім пры скланенні бегласць галоснай «а» (ці маем тут суфікс -к або -[о]к). Менавіта форма значак выйграе перад формай значок тое, што гэта асобнае слова, якое б мы маглі тэрміналагізаваць, не чапляючы значок. Але (!) трэба наогул спраўдзіць, ці мае права на існаванне такая форма, бо ёсць думка, што суфікс -[о]к заўсёды сцягвае на сябе націск (бычок, дамок, панок). Гэта трэба дадаткова спраўдзіць у крыніцах.

І.Г.: форма значак нічым не лепшая за значок, адно што «абы не па-руску». Гэта не павінна быць для нас аргументам. Да таго ж, за формай значок ёсць слоўнікі.

З.С.: нельга цалкам гэтак сцвердзіць. Прыгадайма хоць бы выслоўе Дубоўкі: «Нам няма чаго губляць, акрамя расейскай мовы».

З.С.: значка – на фоне знач[о]к выглядае несур'ёзна і канфліктуе з формай слова значок у р.скл.

З.С.: значык – наўрад карэктная форма. Да таго ж, асацыюецца з чымсьці вельмі дробным, неістотным і г.д.

І.Г. на гэтую заўвагу прыгадаў гіпотэзу Юрася Пацюпы пра дваістасць памяншальна-мілосных суфіксаў у беларускай мове, а менавіта пра семантычнае адрозненне суфіксаў -ок і -ік: першы часцей перадае памяншальны кампанент (у сэнсе памераў), другі – мілосны (у сэнсе стаўлення, важнасці).

 

Група згадзілася з тым, што вынікам будзе або значок, або значак. З.С. паабяцаў да наступнай сустрэчы паспрабаваць знайсці аргументаў на карысць прынцыповай магчымасці існавання суфікса -ок не пад націскам.

 

  1. label:

А.Б. зазначыў, што гэтае слова можа мець тры розныя значэнні: як tag, як on-screen text, як disk name.

З.С. задаў, як сам гэта назваў, «тупое пытанне»: ці мы не можам назваць гэта ўсё адным словам лэйбл? Чаму не спыніцца на адзінай назве для ўсіх гэтых з'яваў, хай сабе англіцызме? Ці не таму мы перакладаем рознымі словамі, бо так у расійскай мове? Ці мы заўсёды мусім ісці шляхам паўтарэння мадэлі рускай мовы? (Пытанні зададзеныя дзеля правакавання думання над альтэрнатыўнымі спосабамі погляду на сітуацыю.)

П.Ш.: мы не павінны гэтак рабіць, бо мы маем розныя беларускія словы, якія ідэальна пасуюць да кожнага месца, сэнсу.

А.Б.: гэта немагчыма, бо label=tag у некаторых пазіцыях, а гэта іншае слова.

З.С.: наступнае «тупое пытанне»: тады ці мы не можам і tag назваць лэйблам?

 

Спроба разглядзець канкрэтныя прапановы:

Пазнака, метка:

А.Б.: пазнака, метка - больш пасуе да tag.

І.Г.: пазнака – гэта больш знак, а не тэкст на экране.

З.С.: пазнака – толькі просты сімвал для адрознення пэўнага прадмета, гэта не можа быць ажно надпісам.

 

Подпіс:

А.Б.: Подпіс, як зазначыў І.Г. у абмеркаванні на LiveJournal, прайграе надпісу з п.гл. сваёй дадатковай нагружанасці пазіцыяй элемента на экране адносна нейкага галоўнага аб'екта, які мае гэты подпіс.

 

Цэтлік:

І.Г.: цэтлік добра пасуе да label=tag: мы чапляем да аб'екта колькі цэтлікаў і надпісваем на кожным з іх нейкі дадатковы сэнс (атрыбут).

З.С.: чаму не ўжыць адзінае слова цэтлік на ўсе сэнсы label? (Да гэтай прапановы ніхто не мае што запярэчыць.) З.С. прапануе «пажыць» з гэтым словам, якое б азначала і label, і tag.

А.Б.: Tag не ўсюды варта перакладаць, напрыклад, у кантэксце HTML/XML ён мусіць застацца тэгам, як галіновы тэрмін.

З.С. згадзіўся з гэтым: «не трэба імкнуцца беларусізаваць увесь свет».

 

У.Ч.: а як тады з shortcut? У.Ч. ужо доўгі час ужывае слова цэтлік для азначэння графічнага значка на desktop, які актывізуе нейкую праграму ці іншы аб'ект (shortcutу Windows).

З.С. у якасці пачатку прапануе варыянт спасыл.

І.Г. дадаў: проста спасылка, і калі трэба нешта асаблівае, ёсць яшчэ: луч, лучво ды інш.

З.С.: ярлык і цэтлік не даюць працэсуальнай семантыкі, якую мусіць мець тэрмін-адпаведнік для shortcut.

 

Праблема тэрміна shortcut пакінутае на пачатковае абмеркаванне ў сеціве, бо мы яго яшчэ не разглядалі. Задача: вызваліць слова цэтлік ад shortcut. Што да label і tag, паспрабаваць пажыць з адзіным адпаведнікам: цэтлік.

 

  1. default:

Зыходны:

З.С.: гэта царкоўнаславянізм, але што да семантыкі, то З.С. і У.К. не згаджаюцца з аргументацыяй С.Станкевіча (коратка: исходный = выходны).

І.Г.: мінус – слова мае непатрэбную працэсуальнасць, скіраванасць з чагосьці.

 

Даўніманы:

У.К.: як ужо зазначалася, гэтае слова паходзіць з польскага domnimany.

З.С. прапануе адмовіцца ад яго, бо гэта паланізм, дый у мове яго няма.

 

Дапомны:

У.К.: з пункту гледжання ўжывання складзена ідэальна...

І.Г.: ...але і нічога не значыць. З такім самым поспехам мы можам прыдумаць любое іншае слова і прапанаваць яго. Гэта несур'ёзна.

 

Агаданы:

З.С.: слова магчыма прыдатнае. Але як прапанаваць нагэтулькі невядомае слова да такога ўжыванага месца? Нават для ўдзельнікаў абмеркавання сэнс слова застаецца цьмяны.

У.К.: тым больш, у слоўніках гаворак падаецца зусім іншы сэнс.

І.Г.: адзіная крыніца, якая падае блізкі да патрэбнага сэнс – гэта слоўнік Юрася Пацюпы – хутчэй за ўсё, вельмі вузка дыялектнае слова.

 

Стандартавы:

У.Ч.: гэтае слова не ўсюды пасуе, бо перасякаецца з standard.

І.Г.: стандартнае магчымае толькі там, дзе ёсць стандарт. Няма стандарту на дыспазіцыю наладаў.

 

Змоўчаны:

З.С.: (най)нязграбна, калька з расійскай мовы, дый яшчэ з нязграбнага ў мове-крыніцы выразу по умолчанию. Выбраць гэтае слова – значыць, распісацца ў слабасці мовы як такой і працы нашай групы.

 

Зададзены (прапанова У.Ч.):

І.Г., П.Ш.: не перадае сэнс, зададзены (як вызначаны) – гэта defined, а не default.

 

Пазіцыі падзяліліся. Спроба пошуку згоды галасаваннем не ўдалася. Таму група спынілася на трох магчымых варыянтах: перадвызначаны («старое» слова); агаданы і дапомны («новыя словы», неалагізмы). Група пастанавіла вынесці гэтыя тры варыянты на абмеркаванне і галасаванне ў LiveJournal-суполцы by_mova. Для гэтага трэба перакласці той самы англійскі тэкст трыма рознымі спосабамі і прапанаваць абраць найлепшы (гэта зробіць І.Г.)

 

  1. Ascending/descending:

Да павелічэння/да памяншэння:непрыдатна, бо мера «вялікі-малы» не пасуе да ўсіх нялікавых значэнняў.

Узрастаючы/зыходзячы: неўласцівыя беларускай мове дзеепрыметнікі цяперашняга часу.

Прамы/адваротны:

У.К.: ці не будзе блытаніны з «адваротным слоўнікам»?

З.С.: у У.К. пагляд з п.гл. сваёй прафесіі лінгвіста. Насамрэч, такое ўжыванне – вельмі перыферыйнае, і на яго не варта зважаць.

З.С.: прамы – гэта русізм/украінізм. Па-беларуску будзе – просты.

 

Просты/адваротны:

І.Г.: магчымае неразуменне, што такое «просты» парадак. Значыць, адваротны парадак становіцца – складаным?

 

Наўпросты/адваротны (прапанова З.С.):

З.С.: няма блытаніны з шматлікімі сэнсамі слова просты.

І.Г.: няма пэўнасці, што марфалогія слова наўпросты добрая. Адкуль прыстаўка наў-?

З.С.: Прыклад: наўздагон. Дзве прыстаўкі на- і у- зліліся ў адну і пачалі дзеяць як непадзельная марфема.

 

Узыходны/Сыходны:

З.С.: тая самая праблема, што з «да памяншчэння/да павелічэння»: не пра ўсякія элементы спісу можна сказаць, што адзін больш за другі. Да таго ж, сыходныблытаецца з зыходным, хаця і мае прыдатны для нас сэнс. Я. Станкевіч сцвярджаў, што ў гаворках гэта – тое сама. Можна было б заплюшчыць на гэта вочы.

А.Б.: але ў такім разе незразумелася «геаметрыя» працэсу павелічэння.

З.С.: Гэта сапраўды вялікая праблема: незразумела, куды павінен працягвацца працэс узыходу і сыходу – долу ці ўгару.

 

Група пастанавіла, што наўпросты/адваротны – найпрыдатнейшы варыянт.

 

  1. Software, hardware:

І.Г.: праграмнае начынне выглядае вельмі цікава, хоць і крыху асацыюецца з «начинкой». Але гэта не моўная праблема, а псіхалінгвістычная.

З.С.: прапануе апраграмаванне, абсталяванне: створанае паводле адной мадэлі, кароткае, яднае і працэсуальнасць, і вынік.

З.С.: таксама трэба паглядзець на формы а-сталяванне і аб-праграмаванне (каб уніфікаваць мадэль). Было б добра «аб-праграмаванне» дзеля захавання мадэлі «аб-сталявання», але з п. гл. вымаўлення гэта будзе непрыгожа.

І.Г.: абсталяванне ўжо вядомае, не трэба яго чапаць.

 

Іншых варыянтаў група не разглядала, бо ўдзельнікі лічаць апраграмаванне надзвычай удалай прапановай.

 

А.Б.: таксама трэба падумаць пра: firmware, testware, middleware і г.д.

І.Г.: testware = тэставальнае апраграмаванне. Такім самым чынам трэба ўтвараць і іншыя падобныя тэрміны.

 

Пытанне разнастайных -ware пакінутае на дадатковае абмеркаванне ў LiveJournal.

 

Гук з сустрэчы