Сустрэча
 
14
студзеня
субота
а 14.00
(каля м.Магілёўская)
Сустрэчы‎ > ‎

Шостая сустрэча

20 чэрвеня 2010
Прысутнічаюць: А.Булойчык, З.Саўка, У.Кошчанка.
Аўдыёзапіс 40мб

Disk:

калі ідзем слепа за ангельскай мовай, і перакладаем DVD/CD як дыск, то згубім кружэлку. Шкада, бо слова добрае, і добра пасуе да DVD/CD.

Але, дыск - гэта добрая агульная назва для любой прылады для захоўвання інфармацыі, незалежна ад яе формы (hard disk, DVD, flash drive, storage card). "Disk C:", "Drive C:" - таксама дыск.

Drive:

а) датычна прапановы не падзяляць тэрмін disk/drive для непадзельных прыладаў(hard disk): могуць узнікнуць праблемы з апісаннем унутранай будовы прылады, але там будуць і іншыя тэрміны, і нам не варта гэтыя выпадкі разглядаць. Бо для карыстальніка ўнутраная структура прылады прынцыпова неістотная. Прапанова ўжываць тэрмін чыталка не мае сэнсу, бо тэрмін занадта новы, і, як новатворам, ім не будуць карыстацца. Была прапанова З. Саўкі зацвердзіць англіцызм (drive) у якасці тэрміну, але тут маем складанасці фанетычнага характару (у беларускай мове слова не можа канчацца літарай "в", а спалучэньне "-йв" на канцы цяжка вымавіць). Альтэрнатывай слову дыскавод ёсць толькі прывод ці драйв. Удзельнікі сустрэчы пагадзіліся, што найлепшым варыянтам тут будзе дыскавод.

Partition:

надзел – маем асацыяцыі з зямлёю, і схаваную канцэпцыю агента, які надзяляе. Таму яно не вельмі добра пасуе. Раздзел – не ёсць русізмам, дадае асацыяцыю з раздзеламі кнігі, што добра кладзецца на канцэпцыю volume (дыскавых тамоў). Аддзел мае асацыяцыю з арганізацыйнай адзінкай установаў, або з чымсьці адасобленым (аддзеленым і пакладзеным асобна збоку). Варыянты ўсе блізкія, але прыняты варыянт раздзел як найбольш прывабны.

Што да азначэння дзеяслова, то гэта дзяліць, падзяліць; repartition – падзяліць наноў.

partitioning - гэта падзел (працэс), repartitioning - перадзел (працэс). "аддзел" - асацыяцыя больш з арганізацыйнай адзінкай, ці "асобнасць(нешта аддзялілі і яно ляжыць у баку)"

Такім чынам:

Partition - (noun) раздзел, (verb) дзяліць, падзяліць.

Repartition – (verb) дзяліць наноў, падзяліць наноў.

Partitioning - падзел (працэс).

Repartitioning – перадзел (працэс).

Default:

Дапомны - як з астатнімі наватворамі, немагчыма распаўсюдзіць.

Удзельнікі схіліліся да наступнага варыянту - стандартавы. Не стандартны, бо спалучэнне "ртн" цяжка вымавіць і наогул не вельмі ўласцівае беларускай мове.
 

Паліграфічныя тэрміны:

За аснову суполка прымае Слоўнік выдавецкіх і паліграфічных тэрмінаў: ангельска-беларускі, беларуска-ангельскі. Менск: Тэхналогія, 2003. ISBN 985-458-066-0.

Шрыфты:

thick, tight - не абмяркоўваць, бо існуе яшчэ больш за 10 тэрмінаў, якія кажуць пра таўшчыню шрыфта, гэта не стандартызавана, і выкарыстоўваецца толькі ў паліграфічных праграмах.

bold - тоўсты (не тлусты - бо гэта толькі семантычная калька з рускай мовы).

italic – курсіў.

normal – звычайны.

proportional - прапарцыйны (варыянт: сумерны – на абмеркаванне).

monospace – роўнашырокі.

size - памер (шрыфта).

style – стыль.

typeface і font family выкарыстоўваюцца як сінонімы – гарнітура.

sans serif/serif - паліграфічны слоўнік падае як "з засечкамі/без засечак". Прапанова называць па назве шрыфтоў (хельветыка/роман) адкінутая. "Засечкі" дрэнна, бо ніякіх "засечак" тут няма. "Шрыфт з засечкамі" - зусім не зручна. Прапанавана зацвердзіць варыянт "з рыскамі/без рысак".

underline – падкрэсліць.

strikethrough – закрэсліць.