Сустрэча
 
14
студзеня
субота
а 14.00
(каля м.Магілёўская)
Сустрэчы‎ > ‎

Пятая сустрэча

22 траўня 2010

Прысутнічаюць: А. Булойчык, З. Саўка, І. Грачышка.

Аўдыёзапіс: частка 1(14мб), частка 2(2мб), частка 3(28мб)

Disc, disk.

Вынесеная прапанова тэрміналагізаваць слова «кружэлка» для CD, DVD, вінілавых носьбітаў. Слова ўзнікла ў эмігранцкім асяроддзі і ёсць уласна беларускім утварэннем. Яго заўважны мінус – слова сваім коранем прывязваецца да фізічнай формы носьбіта, а не яго функцыянальнай прыналежнасці.

А. Булойчык заўважыў, што слова disc ужываецца для трох розных тыпаў аб'ектаў:

  1. круглыя носьбіты інфармацыі;

  2. іншыя носьбіты інфармацыі (hard disk);

  3. Windows: Disk C:, Disk D:

І. Грачышка заўважыў, што апошняе ёсць маркетынгавай Windows-назваю, якая выяўляе той самы аб'ект, што і partition, таму і перакладаць яго варта так сама.

Вынесеная прапанова зафіксаваць гэтае слова ў тэрміналагічнай сістэме гэтак:

Disc, disk - (носьбіты інфармацыі круглай формы для спіральнага запісу: вініл, CD, DVD, Blue Ray etc.) кружэлка; (іншы носьбіт інфармацыі) дыск.

Удзельнікі пагадзіліся з тым, што гэтая прапанова не канчатковая і яе трэба вынесці на разгляд публікі.

 

Drive.

Асноўныя варыянты: прывод, дыскавод. Прапанова «прывад» адпрэчаная з прычыны яе небеларускай формы (акцэнтуацыйная калька з рускага тэрміну).

У час абмеркавання выявілася, што адрозненне кружэлкі ад іншых дыскаў можа ўнесці праблемы ў вызначэнне перакладу для drive.

Калі мы прымаем, што CD, DVD – гэта кружэлкі, а не дыскі, тады слова дыскавод не пасуе. Унесеная прапанова лічыць кружэлкі падвідам дыскаў, як і карткі памяці ды іншыя носьбіты інфармацыі.

З. Саўка заўважыў, што прывод больш прывабны – ён не ёсць кантамінантам (іншамоўным словам), ясна збудаваны і не прадугледжвае, што ён прыводзіць у рух, зн. выяўляе механізм для працы з носьбітам, не прывязваючыся да яго назвы.

Заўважана, што прыстаўка дыска- ў слове дыскавод не дадае сэнсу ў спалучэннях CD-ROM drive, DVD drive, card drive.

У выніку ўдзельнікі схіляюцца да варыянту прывод, але пакідаюць гэта на наступнае абмеркаванне ў сеціве.

У выпадку ж прыладаў без зменных носьбітаў група згадзілася з фіксацыяй перакладу тэрміна: drive = дыск.

 

Partition.

Разгледжаныя мноства варыянтаў, у выніку абмеркавання вылучаныя два асноўныя кандыдаты: аддзел і сегмент. Партыцыя адпрэчаная, бо ёсць непатрэбным новатворам.

За сегмент выступае З. Саўка. Ён тлумачыць такі выбар тым, што слова аддзел мае шырэйшы сэнс, і хаця сегмент таксама ўжываецца пры апісанні памяці, але прынцыповай розніцы ў двух гэтых аб'ектаў (кавалка памяці і дыска) няма. У выпадку выбару сегмента мы б пазбавіліся патрэбы азначаць прыналежнасць гэтага аб'екта да дыскавай прасторы.

І. Грачышка запярэчыў, што гэта непатрэбнае ўвядзенне чужаземных словаў у тэрміналогію. Аддзел пакрывае патрэбнае азначэнне, не мае працэсуальнага сэнсу і г.д.

Трэба вызначыцца з азначэннем гэтага аб'екта, а тады ўжо апісваць дэрываты: (to) partition, (to) repartition і г.д. Пакінута на разгляд ЖЖ-суполкі.

 

Application.

Тут удзельнікі згадзіліся з перакладам application як (карыстальніцкая) праграма.

 

Preferences, settings, options, arguments, parameters.

Argument = аргумент, parameter = параметр. З гэтым згадзіліся ўсе.

Удзельнікі, прачытаўшы апісанне тэрміна preferences з гласарыя Gnome, прыйшлі да высновы, што preferences = settings.

Для settings (preferences) разгледжаныя варыянты: настройкі, настаўленні, налады, перавагі.

Перавагі адпрэчаныя, бо гэтае слова перадае герархічнасць, розную вартасць варыянтаў канфігурацыі.

Агучаная крытыка ад Ю. Тарасевіча ў бок прапановаў стварэння новатвораў для азначэння таго, што ў слоўніках зафіксаванае як настройкі. Крытыка грунтуецца на тым, што гэта неалагізм. Удзельнікі спраўдзілі ўжыванне гэтых тэрмінаў у Google, і вынікі былі не на карысць настроек. Настройкі ўжываюць корань -строй- у неўласцівым для беларускай мове сэнсе.

З. Саўка запэўніў у беларускасці формы налады (нульсуфіксацыя, уласцівы сэнс кораня -лад-).

Агучаная прапанова настаўленні (прапанова Ю. Тарасевіча). Яна моўна карэктная і прывабная, але выступае ў нашай сітуацыі як крыніца залішняй навіны. Таксама слова мае праблему з націскам (настАўленне ці настаўлЕнне?), што прызнаў і аўтар прапановы.

Такім чынам,

Settings, preferences = налады.

Што да options, то думкі падзяліліся. З. Саўка сцвярджаў, што options і settings знаходзяцца ў герархічнай залежнасці. А. Булойчык і І. Грачышка адпрэчвалі гэта.

І. Грачышка заўважыў, што setting – гэта «пазіцыя кіроўнага рэгулятара», option – гэта «кіроўны рэгулятар» ці «адзін з варыянтаў выстаўлення кіроўнага рэгулятара».

З. Саўка пацвердзіў, што для option патрэбны асобны тэрмін, адрозны ад setting. Гэта агульнатэхнічны тэрмін.

У выніку ўсведамлення таго, што тэрмін не цалкам зразуметы ўдзельнікамі, ён быў адкладзены на наступнае абмеркаванне.

 

Default.

Напрыканцы З. Саўка пракаментаваў прапановы да перакладу default.

па змоўчанні: гэта калька, не прыметнік, але: гэта вядомая карыстальніку форма;

змоўчны/змоўчаны: тое сама, толькі да таго ж форма не вядомая карыстальніку;

стандартны/стандартавы: мае права на існаванне;

тыповы: не пасуе, бо тыповасць вызначаецца узусам, а не аўтарам;

першапачатковы: таўталогія;

пачатковы/пачатны: той, які быў напачатку, празмерная шырыня сэнсаў прыводзіць да аманіміі;

первястковы: не пасуе, бо ёсць паланізмам;

пяршачны: мае пэўныя алюзіі з самагонаварэннем, няўдала;

даўніманы: прыгожая прапанова (чуваць рука Юрася Пацюпы), структура прыдатная, беларуская. Праблема ў тым, што такое слова мала каму вядомае, таму наўрад зможам яго замацаваць.

Такім чынам, З. Саўка заўважыў, што з існых для яго лідарам выявіўся тэрмін стандартны.