Сустрэча
 
14
студзеня
субота
а 14.00
(каля м.Магілёўская)
Сустрэчы‎ > ‎

Чацвёртая сустрэча

8 траўня 2010

Прысутныя: А, Булойчык, З. Саўка, І. Грачышка, У. Кошчанка.

Аўдыёзапіс 38мб


Move.

Разглядаюцца дзве асноўныя пазіцыі – перамясціць, перанесці.

Пажадана, каб семантычныя полі словаў проста супадалі. У гэтым сэнсе перамясціць займае ўсе патрэбныя палі (файлы, графічныя элементы...) Перанесці мае моцны фізічны сэнс (азначае не толькі што зрабіць, а і як зрабіць).

З. Саўка таксама прапанаваў паглядзець на слова змясціць (з такімі прыкладамі: змясціць з пасады, змясціць нешта ў шафе). На гэта І. Грачышка ды іншыя выказалі пярэчанне, што гэтае слова мае найперш сэнс укладання чагосьці ўнутр, а таму не варта брацца за гэтае слова. Пярэчанне прынятае ўсімі ўдзельнікамі.

Булойчык прапанаваў разглядзець таксама такія варыянты, як перацягнуць (для графічных аб'ектаў), перасунуць, пасунуць (для элементаў спіса). І. Грачышка заўважыў, што гэтыя словы маюць права на існаванне ў перакладах, і без тэрміналагічнай фіксацыі. У той самы час перамясціць закрывае ўсе патрэбныя значэнні, таму няма патрэбы ў дадатковай тэрміналагічнай фіксацыі варыянтаў.

Такім чынам, move = перамяшчаць, перамясціць.

 

Save.

Варыянты: замацаваць, запісаць, захаваць.

З. Саўка заўважыў, што запісаць паказвае, якім чынам адбываецца аперацыя, што дадае збыткоўны сэнс. Захаваць мае магчымую загану: гэтым самым словам азначаецца і store. З іншага боку, store = save, таму гэтую заўвагу можна адкінуць.

Плюс захаваць – яго шырокая ўжыванасць, прытым што гэта сваё, беларускае слова і лепш перадае англійскі адпаведнік.

Такім чынам, save = захоўваць, захаваць.

 

Edit.

Варыянты: рэдагаваць, правіць.

Правіць адпрэчанае, бо яно перадае апазіцыю «хібнае – правільнае», чаго няма ў рэдагаваць.

І. Грачышка заўважыў, што слова edit ужываецца ў дзвюх розных сітуацыях: у справе змянення дакумента і ў справе мадыфікавання нейкага віртуальнага аб'екта. Напрыклад, «Edit list», але і «edit document». Магчыма, адным словам немагчыма задаволіцца.

З. Саўка прапанаваў такое развязанне: увесці сваё - рэдагаваць, выбраць з прапанаваных магчымасцяў – змяняць. Таксама З. Саўка прапанаваў разглядзець магчымасць увядзення наватвору эдытаваць, якому можна надаць сваіх значэнняў і ўніфікаваць розныя сэнсы пад яго дахам. Прапанова з эдытаваць адпрэчаная.

У выніку прыйшлі да такога развязання:

рэдагаваць, зрэдагаваць – зрабіць адвольныя змены ў дакуменце, аб'екце; змяняць, змяніць – зрабіць шаблонныя змены ў віртуальным аб'екце.

 

Device.

Група згадзілася з фіксацыяй device = прылада. Аргументы ўжо былі выказаныя раней.

 

Print, scan.

Print = друкаваць, надрукаваць.

 

Scan.

Мае некалькі месцаў ужывання: 1) аперацыя сканера; 2) аперацыі, звязаная з пошукам у чымсьці.

 

З. Саўка заўважыў, што словы сканаваць, сасканаваць выкарыстоўваюцца ў медыцыне у сэнсе атрымаць звесткі з апаратуры.

Група пагадзілася, што трэба разнесці два сэнсы слова такім чынам:

scan = (аперацыя сканера) сканаваць, сасканаваць; (аперацыя паслядоўнага пошуку) праглядаць, праглядзець, прагледзець.

 

Printer.

Група агучыла мінулыя аргументы (марфалагічны разбор, шырыню ўжывання, этымалогію слова...)

З. Саўка на аргумент І. Грачышкі пра хібную марфалогію згадаў такі ўзор «хібнай» марфалогіі: гаспадарка, слова, якое не азначае жонку гаспадара, але абстрактна-зборны аб'ект . І. Грачышка згадзіўся з такім аргументам.

У астатніх удзельнікаў сустрэчы не было пярэчанняў супраць друкаркі. Было агучана, што гэта даўно ўжыванае слова, да таго ж дае нам магчымасць лёгкай кроўю трохі адысці ад таджыцкага варыянту следавання тэндэнцыям рускай тэрміналогіі; да таго ж, ужо ўзнікла традыцыя ўжывання гэтага слова. Акрамя таго, printer друкуе, а не прынтуе.

Такім чынам, printer = друкарка.

 

З гэтым ні ў кога не было пярэчанняў:

Scanner = сканер.

Mouse = мыш.

 

Keyboard.

З. Саўка заўважыў, што keyboard складаецца з keys, таму відавочным варыянтам тут будзе keyboard = клавіятура, keyboard key = клавіш(а); як і на клавесіне, гармоніку ды інш., г. зн. там, дзе ёсць вялікі набор кнопак. Агулам жа ізаляваная button – гэта кнопка. У гэтым сэнсе гузік зусім не лепшы (бо таксама ёсць пазычаннем з польскай мовы, як кнопка – з нямецкай). І. Грачышка заўважыў, што слова button выкарыстоўваецца ў трох значэннях: 1) на клавіятуры, 2) на мышы, іншых аўтаматах; 3) у графічных інтэрфэйсах.

З. Саўка дадаў, што гузік можна разглядаць як слэнгавы варыянт тэрміналагічнай кнопкі, але не як тэрмін.

Група згадзілася з наступным:

Keyboard = клавіятура.

Keyboard key = клавіша (ж.р.), клавіш (м.р.)

Button = кнопка.

 

Press.

Група згадзілася з press = ціснуць, націснуць.

 

Click.

Былі пачатковыя абмеркаванні з варыянтамі: клікаць, пстрыкаць, шчоўкаць, клацаць. Пытанне выявілася вельмі цяжкім, таму пакінута да наступнай сустрэчы дзеля збору аргументаў і звестак.