Сустрэча
 
14
студзеня
субота
а 14.00
(каля м.Магілёўская)
Сустрэчы‎ > ‎

Трэцяя сустрэча

17 красавіка 2010

Бяруць удзел: А. Булойчык, З. Саўка, І. Грачышка.

Аўдыёзапіс: частка 1(17мб), частка 2(21мб)

Кола прысутных надзвычай вузкае, таму абмяркоўваюцца найперш старыя, раней цалкам не развязаныя ці спрэчныя пытанні.

«open», «close».

За варыянт закрыць кажа яго знаёмасць акурат у такім варыянце з рускай тэрміналогіі. Прытым ТСБМ і ТСБЛМ вельмі звужаюць сэнс словаў зачыніць, адчыніць (амаль да ўжывання з прадметамі на завесах – дзвераў, вокнаў і г.д., але не толькі), прытым расцягваючы набор сэнсаў для закрыць, адкрыць на ўсё, што можа таксама апісвацца словамі расплюшчваць, разгортваць, адчыняць і г.д.

З іншага боку, такая звужаная фіксацыя сэнсаў для словаў зачыніць, адчыніць не ўласцівая ані часам вольнага развіцця мовы (1920-ыя гг.), ані эміграцыйнай лексікаграфіі (так, слоўнік Я.Станкевіча фіксуе словы зачыніць, адчыніць для: вачэй, дзвераў, вокнаў, рота, кнігі і г.д.)

Абодва варыянты перакладу актыўна ўжываюцца ў перакладзе праграм.

З. Саўка заўважыў, што словы закрыць, адкрыць азначаюць таксама схаваць, зрабіць даступным адпаведна. Гэты дадатковы сэнс хавання ад вока, вуалявання размывае тэрмін open у дачыненні да файлаў, вокнаў і г.д. Слова зачыніць прытым выяўляе рух, актыўную аперацыю з аб'ектам, а таму, відаць, лепш пасуе ў сітуацыі з вокнамі, файламі і г.д. Адзіны прынцыповы мінус фіксацыі адчыніць, зачыніць – звычка людзей, іх негатовасць да такой метафары.

І. Грачышка заўважыў, што абодва словы закрыць і зачыніць ужываюцца ў перакладах, абодва яны будуць зразумелыя любому карыстальніку.

З. Саўка заўважыў, што прастора сэнсаў слова закрыць замінае ў разрозненні такіх словазлучэнняў, як: open data (у сэнсе выканаць аперацыю, якая дае доступ да чытання і запісу звестак), open data (у сэнсе зрабіць раней недаступныя звесткі даступнымі для іншых карыстальнікаў). Апошні сэнс уласцівы для такіх словазлучэнняў як open source. У такім выпадку мы не можам казаць пра адчыненне кодаў праграмы, але пра іх адкрыццё.

Такім чынам, з усім вышэй апісаным прапануем на дадатковую аргументацыю і абмеркаванне такі варыянт развязання пытання.

open – адчыняць, адчыніць; (зрабіць даступным для іншых) адкрываць, адкрыць.

close – зачыняць, зачыніць; (зрабіць недаступным для іншых) закрываць, закрыць.

 

«folder», «directory».

Былі агучаныя аргументы на карысць ужывання асобных словаў для folder і directory.

Найперш, была аспрэчаная незразумеласць тэрміна каталог для карыстальніка (вынікамі апытанняў у ЖЖ і ў прыватных размовах). Тэрмін каталог зразумелы шараговым карыстальнікам.

Па-другое, быў агучаны аргумент пра тое, што ў выпадку выбару слова каталог для азначэння folder мы можам стыкнуцца з канфліктам у такім спалучэнні: Select Folder to Save Catalogue. Такое спалучэнне тэарэтычна можа ўзнікнуць у праграме каталагізацыі якіх-небудзь рэчаў (дыскаў, кніг). На гэта З. Саўка заўважыў, што такія канфлікты рэдкія, а выбар слова тэчка або папка не развяжа праблемы (канфлікт тады можа ўзнікнуць у справаводнай праграме, якая вядзе ўлік рэальным тэчкам-папкам); такія канфлікты – гэта нармальна для любой мовы, англійскія моўнікі самі маюць такія выпадкі ў сваёй мове; шматзначнасць словаў у мове і адцягненне сэнсу слова ад пачатковага ў пэўнай тэрміналагічнай сістэме – гэта звычайная практыка.

І. Грачышка дадаў, што такіх сітуацый можна было б пазбегнуць адно ўжываннем толькі наватвораў, адмаўленнем ад усіх словаў, якія азначаюць рэальныя рэчы. У ўсякім разе, гэта пытанне і праблема лакалізатара канкрэтнай праграмы, а не тэрміналогіі. Так, перакладнік можа тут ужыць словы збор, калекцыя для апісання тэрміна catalogue гэтай канкрэтнай праграмы.

Прысутныя згадзіліся з тым, што падзел тэрмінаў folder і directory – беспатрэбны ўвод дадатковых пазычанняў, ускладненне тэрміналогіі там, дзе гэта не патрэбна.

Таксама А. Булойчык дадаў, што да ўсяго варта дадаць, што канцэпцыя каталогаў, а не тэчак-папак, згаджаецца з ужываннем hard links у сучасных Unix-сістэмах і Windows NT (directory/folder – гэта збор звестак пра файлы, а не кантэйнер для іх перахоўвання; некалькі каталогаў могуць мець запісы пра адзіны файл).

Такім чынам, folder, directory, drawer, catalogue і ўсе іншыя словы, якія азначаюць падобныя аб'екты, перакладаюцца як каталог.

 

«Backup».

Былі паслядоўна агучаныя аргументы, назбіраныя ў ЖЖ.

Каментары Саўкі: у тэрміналогіі бывае цяжка ўжыць для азначэння якой-небудзь абстракцыі слова з звычайным матэрыяльным сэнсам. У нашай сітуацыі рэзервы маюць больш абстрактны сэнс (як няўласнамоўнае слова), запас – больш матэрыяльны. Канкрэтнасць свайго слова часам не дазваляе дастаткова абстрагавацца ад пачатковага сэнсу. Наогул, запас мае ўласцівасць «быць вычарпаным», чаго няма ў backup. Беручы з запасу, мы змяншаем яго, вычэрпваем (запасныя рукавіцы, запасное кола, запасныя інструменты таксама – яны становяцца незапаснымі). Беручы з backup, мы не змяншаем яго, мы не можам яго вычарпаць. Галоўнае тут пытанне, ці гэтае адрозненне для нас істотнае, ці не.

 

Цяпер пра іншыя прапанаваныя варыянты.

Тылаванне. Прапанова сімпатычная сваім аднаслоўем, і бадай каб мы не залежалі ад практыкі ўжывання, яго б варта было вельмі сур'ёзна разглядзець. Але мы не можам спадзявацца на чаканне такога перакладу з боку карыстальнікаў у такім кантэксце. Як бы мы ні хацелі, але наўрад удасца істотна пераламіць схільнасць да «таджыцкага варыянту афармлення тэрміналогіі» (калі арыгінальныя пераклады добра ўспрымаюцца там, дзе гэтыя словы перакладзеныя ў рускай мове, і кепска, дзе рускі тэрмін мае англійскі спосаб афармлення). І. Грачышка заўважыў, што канцэпцыя тылу пасуе да такіх тэрмінаў як backend (тыльная частка, модуль праграмы?), але не тут. Тыл нясе сэнс, блізкі да support, чаго няма ў backup.

Запасанка. Слова мае праблемы ў будове. Гэта аддзеепрыметнікавы назоўнік, ён не асацыюецца з аб'ектам, але дзеяннем: пагулянка.

Запасіва. Як крэсіва, месіва, змесціва: гэта рэчыўны назоўнік, гамагенны. Ён бы мог пасаваць, але не перадае канцэпцыі тоеснасці з іншым аб'ектам (як запасная/рэзервовая копія).

Архіўная копія. Канфліктуе з тэрмінам archive.

 

І. Грачышка ў часе абмеркавання заўважыў, што пры наступным вяртанні да гэтага слова трэба апрацаваць тэрмін snapshot, бо ён перасякаецца з backup.

 

«Move».

Да раней разгляданых варыянтаў перанесці, перамясціць дадалі перасунуць. Удзельнікі не былі гатовыя даць канчатковую ацэнку гэтым варыянтам. На дапрацоўку.

 

Напрыканцы сустрэчы ўзятыя бліц-каментары да тэрмінаў device і printer ад З. Саўкі. Яны становяць базу для будучых пастановаў і абмеркаванняў.

 

Саўка: device.

Прылада – вельмі сімпатычнае слова. Яно азначае фізічнае цела ці метафару да яго. Марфалогія слова нясе ў сабе канцэпцыю прызначанасці. Корань -лад- азначае даводзіць да ладу, прыстасоўваць, рабіць больш прыдатным, функцыянальным.

Прыстасаванне – гэта аддзеяслоўны назоўнік, які дадаткова ўвасабляе працэс; ён шматзначны і зацямняе прадметнае значэнне; гэта даўжэйшае слова; стасаваць – гэта рабіць compatible, а не ужываць.

Збудова – гэта аб'ект, які сэнс структураванасці, сістэмнасці, складзенасці з частак; гэта вынік стварэння, а не аб'ект з прызначанасцю.

Прыбор мае агульнаславянскую будову і таму лёгка прыжываецца ў мове, бо не мае пярэчанняў у марфалогіі; але гэта русізм у такім сэнсе; ён не мае ніякіх пераваг перад прыладай (акрамя большай кароткасці, што тут непрынцыпова).

Апарат – гэта шматзначнае слова, якое мае два значэнні: 1) прылада, 2) збудова, сістэма. Апарат мае шырэйшы сэнс за device.

 

Саўка: printer.

Друкарка: тэрмін узнік яшчэ за часоў вялізных ЭВМ, як перанос слова з «пишущей машинки» на прынтары, якія працавалі такім самым спосабам (цісненнем асобных літар на паперы), марфалогія слова не цалкам сістэмная, але і не мае яркіх пярэчанняў.

Друкавалка – такому слову нельга даручыць быць тэрмінам: несур'ёзнасць, слэнгавасць і г.д.

Друкач – суфіксацыя (-ач) неўласцівая, эмацыйная; слова гукапераймальнага кшталту, нагадвае дручок; слова наўрад тэрміналагічна прыдатнае.

 

Таксама на сустрэчы абмеркаванае пытанне афармлення роднага, меснага склону для назоўнікаў першага скланення (каталог, камп'ютар і г.д.) З. Саўка выказаў думку, што гэтае пытанне немагчыма 100% развязаць, але можна выбраць пэўную канцэпцыю для афармлення канчатковага слоўніка. Сам ён схіляецца да канцэпцыі Цыхуна, якая вызначае канчатак роднага склону для такіх назоўнікаў паводле іх абстрактнасці – канкрэтнасці. Вядома, і гэтая канцэпцыя не ідэальная. Пытанне пакінутае для далейшых абмеркаванняў.

 

Напрыканцы З. Саўка выказаў шкадаванне, што тэмп абмеркаванняў, можа, пакуль досыць марудны, але гэта нармальна на пачатковым этапе, калі развязваецца шмат істотных пытанняў, як і куды рушым.