3 красавіка 2010 Удзельнікі: А. Булойчык, І. Грачышка, П. Шут, У. Кошчанка.Аўдыёзапіс 31мб А. Булойчык прапанаваў наступнае: «Ёсць патрэба фармалізаваць працэс абмеркавання. Прапанова арганізаваць жывыя сустрэчы наступным чынам: бярэм слова, і не толькі яго абмяркоўваем, але і складаем для яго аргументы «за» і «супраць». Гэтыя аргументы пасля змяшчаюцца ў сеціве, і вакол іх адбываецца абмеркаванне. Гэта дае нам магчымасць зменшыць колькасць відавочных каментарыяў у ЖЖ, прытым людзі выпраўляюць і дадаюць тое, з чым яны не згодныя і што могуць давесці». Такім чынам, прапануецца праца групы ў некалькі праходаў. Прапанова прынятая. А. Булойчык таксама зазначыў, што ў сеціве былі змешчаныя заўвагі да некаторых абмеркаваных словаў (data, backup, repository). Быў прапанаваны варыянт разглядзець іх на гэтай сустрэчы ці адкласці гэта да спецыяльна адведзенага для гэтага часу. Пастаноўлена адкласці на адно з наступных паседжанняў, затым трэба падрыхтаваць ясны спіс аргументаў для кожнага спрэчнага тэрміна і тады ўжо выносіць яго на перагляд. А. Булойчык прапанаваў паспрабаваць разам з выкладваннем англійскіх тэрмінаў на ЖЖ змяшчаць спіс верагодных слоў-кандыдатаў, каб абмеркаванне ішло вакол іх. Прытым удзельнікі могуць дадаваць новыя варыянты, калі лічаць, што акрэсленых не стае. Такім чынам звужаецца сярэдняе кола абмяркоўваных тэрмінаў.
Тэмы сустрэчы: «Files, directories, base operations», «Fonts». Слова «file»: Іншых прапановаў, акрамя «файла», няма. Усе згодныя з фіксацыяй тэрміна без доўгага абмеркавання. Словы «directory» і «folder». Абмеркаванне падзялілася на дзве асноўныя тэмы:
У. Кошчанка і П. Шут выказаліся за тое, каб дзяліць гэтыя два тэрміны. Яны матывавалі гэта тым, што слова «folder» было вынайдзена для стварэння ў кантэксце інтэрфейсу карыстальніка асяроддзя, якое складаецца з вядомых яму з праўдзівага офіснага жыцця рэчаў (folders, files, desktop), і трэба пакінуць гэтую экасістэму паняццяў. На гэта А. Булойчык выказаў меркаванне, што гэта не з'яўляецца аргументам для падзелу двух тэрмінаў у беларускай мове, а толькі супраць выкарыстання незразумелых карыстальніку тэрмінаў (калі гэта сапраўды так). Напрыклад, можна было б ужыць варыянт, прыдатны для перакладу folder, таксама для directory («папка», «тэчка»). І. Грачышка заўважыў, што ў асяроддзі камп'ютарных адмыслоўцаў традыцыйна ёсць недавер да словаў «тэчка», «папка», ужытых у спецыялізаванай літаратуры і дакументацыі, таму наўрад удасца ўкараніць тэрмін, прыдатны для «folder», на месцы «directory». Прытым укараніць тэрмін, прыдатны для «directory», для называння «folder», рэальна (слова «каталог» вядомае карыстальнікам). У. Кошчанка сцвердзіў, што звычайныя карыстальнікі не ведаюць тэрміна «каталог», а таму трэба ўжываць «папку» ці «тэчку». Такім чынам, думкі на гэты конт падзяліліся. Пастаноўлена працягнуць абмеркаванне.
Была таксама абмеркаваная сітуацыя, калі сапраўды трэба падзел тэрмінаў folder і directory у беларускай мове. У такой сітуацыі для азначэння directory, аб'екта файлавай сістэмы, варта ўжыць тэрмін каталог, вядомы адмыслоўцам. З гэтым пагадзіліся ўсе ўдзельнікі. Варыянт перакладу дырэкторыя прызнаны памылковым, бо гэта простая калька з англійскай мовы, якая не ўлічвае беларускі сэнс гэтага слова (дырэкторыя – гістарызм з часоў Французскай рэвалюцыі і не мае ў нас ніякага дачынення да збірання і структуравання звестак). Што да тэрміна для folder, то тут разглядаліся два варыянты – папка і тэчка. З моўнага пункту гледжання гэтыя два тэрміны з'яўляюцца ідэнтычнымі (першы – пазычанне з нямецкай праз рускую мову, другі – з польскай мовы). Прытым папка больш вядомая карыстальнікам, выхаваным у русіфікаваным камп'ютарным асяроддзі, а таму ў сітуацыі адрознення тэрмінаў directory і folder яна мае пэўную перавагу над тэчкай. Гэтая тэма патрабуе далейшага абмеркавання. Слова «create» - ствараць, стварыць. Тут ні ў кога пярэчанняў няма. Гэта слова з агульнай лексікі англійскай мовы, якое не нясе спецыфічнага тэрміналагічнага сэнсу. Слова «open»: адкрыць ці адчыніць. З аднаго боку, гэтае слова выкарыстоўваецца для азначэння аперацыі з вокнамі, з іншага боку – з файламі ды іншымі аб'ектамі. Калі падыходзіць да метафары вокнаў з фармальнага пункту гледжання і праводзіць яе дарэшты, то можна сцвердзіць, што стандартнай аперацыяй з вокнамі ў праўдзівым жыцці з'яўляецца іх адчыненне, а не адкрыццё. З іншага боку, аперацыя адчынення вельмі абмежаваная абсягам аб'ектаў, да якіх яна стасуецца (найперш, гэта аб'екты, якія маюць завесы – дзверы, вокны і г.д.) Але, у супрацьвагу да гэтага, такое лексічнае абмежаванне не было характэрнае для мовы 1920-ых гг. (так, у той час адчынялі канферэнцыі і крамы – у сэнсе, пачыналі іх працу). Пытанне, як выявілася, патрабуе дадатковай працы з слоўнікамі, таму пакуль адкладаем. Слова «close»: яно таксама залежыць ад папярэдняга, таму таксама адкладаем. Таксама заўважылі, што яго трэба разглядаць разам з shade, minimize, maximize ды іншымі тэрмінамі аперацый з вокнамі. Слова «edit»: рэдагаваць або правіць. Агулам, першае слова тут пасуе, але другое мае славянскі корань. Трэба ўдакладніць, ці не ёсць слова правіць русізмам. Слова «save»: зберагчы і замацаваць – нераспаўсюджаныя. Зберагчы мае крыху іншы сэнс, таму яго адкідаем. Што да выбару захаваць , замацаваць і запісаць, трэба дадатковае спраўджванне ў слоўніку. Слова «move»: змясціць – русізм, пасунуць – файл немагчыма пасунуць (убок). Перамясціць ці перанесці: трэба ўдакладняць з слоўнікам, ці першае слова мае адпаведны беларускі сэнс. Агулам, яно больш матываванае, бо паказвае на змену месца. Слова «copy»: капіяваць, скапіяваць. Не капіраваць, бо ў такой форме засваення мае суфікс -іра-, які шырока прызнаны за небеларускі і рэкамендаваны да выціскання з беларускай мовы. Зрухі ў бок пазбаўлення ад яго, хай няпоўныя, зробленыя і ў апошнім афіцыйным правапісе (2008 г.). Калі слова выступае назоўнікам: копія. Слова «delete»: слова знішчыць – вельмі моцнае, эмацыйна акрэсленае, пужае карыстальніка; слова выкрэсліць не адпавядае сэнсу delete, бо пасля выкрэслення аб'ект застаецца на месцы, хай нават у змененай форме; слова выкінуць мае іншы сэнс, які больш адпавядае англійскаму throw away; слова сцерці таксама мае іншы сэнс, бліжэйшы да blank ці erase. Такім чынам, слова delete у беларускай мове фіксуецца як выдаляць, выдаліць. Слова «remove»: гэтае слова мае два сэнсы: аперацыя незваротнага выдалення аб'екта і аперацыя вымання элементаў з збору, спіса. Для аперацыі выдалення трэба ўжываць тэрмін выдаляць, як і delete. Для вымання элемента з спіса, збора - прыбіраць, прыбраць (з спіса, збору). Слова «trash»: смецце (змесціва trash can, recycle bin). Слова таксама часам ужываецца ў якасці скарачэння выразу «move to trash», які трэба перакладаць як перанесці/перамясціць у сметніцу (выбраны дзеяслоў мусіць адпавядаць зацверджанаму перакладу для аперацыі move). Элементы інтэрфейсу «trash can», «recycle bin» мусяць азначацца словам сметніца. Прапанаваны тэрмін кош/кошык не перадае сэнсу гэтага аб'екта, бо не падказвае карыстальніку пра малую важнасць змесціва. Словы кош/кошык больш адпавядаюць слову cart, якое часта можна знайсці ў разнастайных сеціўных крамах (таксама сюды: спажывецкі кошык).
Слова «font»: шрыфт. Пярэчанняў няма. Прапанова фонт - непатрэбная калька з англійскай мовы. Астатнія тэрміны гурта словаў тэмы «Шрыфты» выявіліся складанымі і кантраверсійнымі, а таму пастаноўлена запрасіць на наступную сустрэчу адмыслоўца-тыпографа, які б змог падрабязна пракансультаваць удзельнікаў у англійскай тэрміналогіі. |