Сустрэча
 
14
студзеня
субота
а 14.00
(каля м.Магілёўская)
Сустрэчы‎ > ‎

Адзінаццатая сустрэча

Сустрэча 3 кастрычніка 2010 года.

Прысутнічаюць: А.Булойчык, З.Саўка, І.Грачышка, У.Кошчанка, У.Чорны.

 

Undo/Redo:

Крок назад/наперад:

ЗС: дзеяслоў трэба перакладаць дзеясловам. Таму «крок назад/наперад» не найлепшы варыянт.

УК: тым больш, гэта ўжо, відаць, занятае для Back/Forward, Prev/Next.

 

Узнавіць ці перарабіць:

ЗС: перарабляць – вельмі шматзначнае слова, і першаснае значэнне досыць далёкае ад таго, што нам трэба. Такое тэрміналагічнае значэнне не вельмі пасуе такому шматзначнаму слову.

ІГ: найперш, аднавіць = узнавіць (так падае ТСБМ). Аднавіць ужо выкарыстоўваецца для restore. Ці мы можам штучна падзяляць сэнсы для сінонімаў?

ЗС: у прынцыпе, гэтак рабіць можна (дзяліць сінонімы ў вузкім тэрміналагічным сэнсе).

УК: дарэчы, «поўных» сінонімаў няма. Гэта паказваюць звесткі з корпусных даследаванняў.

АБ: мы губляем «пару», калі выбіраем розныя карані (адрабіць-узнавіць).

УЧ: перазрабіць? - усё адно не перадае патрэбны сэнс.

ЗС: штучнае накладанне некалькіх прыставак - не вельмі звыклы крок, у нас гэта рэдка працуе.

УК: гэта працавала б у харвацкай мове, дзе марфемы складваецца амаль адвольна, але не ў нас.

АБ: адрабіць/зрабіць наноў? Мінус: два словы.

 

Група з цяжкасцю пагадзілася на наступнае: redo = узнаўляць, узнавіць.

 

Cut/Copy/Paste:

Ужо маем: copy = капіяваць, скапіяваць.

 

Paste (варыянты): уставіць, уклеіць.

Cut (варыянты): выразаць, вытнуць, выняць.

 

ЗС: калі звярнуцца да сэнсу аперацыі paste, то мы не на-клейваем (наверх чагосьці), мы у-стаўляем (у тэкст, дакумент...), рассоўваючы наяўны змест у бакі.

УК: у тэрміналогіі іншых славян для аперацыі cut ужываюць адпаведнікі з рознымі каранямі (-стрыг-, -рэз-, -цін-).

ЗС: выцінаць – неўжывальнае ў такім кантэксце слова, у слоўніках рэдка з'яўляецца, крыніцы не падаюць закончанага трывання (вытнуць?)

АБ: трэба paste і cut разглядаць разам. Магчымыя пары-варыянты: выняць/уставіць, выразаць/уклеіць, выразаць/уставіць (незвязаная пара, але ўжывальная), выняць/уклеіць (незвязаная пара і не ўжывальная).

ЗС: Трэба разглядаць першыя два варыянты, бо яны даюць нам семантычныя пары. Выразаць/уклеіць – не вельмі добрая калька. Выняць у прынцыпе няблага, для ўсіх кантэкстаў (файлы, тэкст, часткі цэлага), бо мы можам вымаць аб'екты любых памераў, не абавязкова ўспрымаючы іх часткай цэлага (што ёсць у выразаць).

 

Група згадзілася на пару cut = вымаць, выняць; paste = устаўляць, уставіць.

 

ЗС: заўвага да афармлення артыкулаў: для дзеясловаў варта таксама падаваць і загадны лад, бо ён не заўсёды відавочны для карыстальніка слоўніка (напрыклад, як тут: выняць-вымі).

 

Shortcut:

Ёсць keyboard shortcut (руск.: горячая клавиша) і desktop shortcut (руск.: ярлык).

Варыянты: цэтлік, спасыл, спасылка, скарот.

 

З keyboard shortcut прынцыповых пярэчанняў супраць найбольш ужыванага варыянта (скарот) няма.

Што да desktop shortcut, думкі падзяліліся. Найбольш ужываны адпаведнік – цэтлік, але ён ужо заняты для tag/label. Дамешваць сюды яшчэ і desktop shortcut немэтазгодна. Бяда ў тым, што цэтлік прыжыўся і да «ярлыка», і да «тэга». Група не здолела прыйсці да адзінага меркавання.

ЗС: можа, лепш пакінуць цэтлік = desktop shortcut, а tag/label пераглядзець зноў.

ІГ: цэтлік для tag/label – найлепшы і папулярны варыянт, не трэба яго пераглядаць. Лепш выбраць іншае слова для desktop shortcut.

ЗС: але тут цэтлік вельмі папулярны. Яго наўрад ці ўдасца перамагчы.

ІГ: тое сама і для tag/label.

ЗС: нельга пакідаць адно слова для двух розных аб'ектаў. Гэта ж тэрміналогія!..

Гучалі прапановы называць любы shortcut скаротам; desktop shortcut = спасыл, спасылка; называць усё адным словам; ды інш.

 

Пакуль што група прыйшла толькі да наступнага часовага развязання:

Shortcut = (клавіятурны) скарот; ці трэба разнесці tags/labels і shortcuts – вымагае абмеркавання ў ЖЖ-суполцы.

 

Desktop:

Варыянты: стол, працоўны стол, рабочы стол, сталец, стальніца.

ЗС: Сталец – гэта пасад, ніякага дачынення да стала ён не мае. Стальніца – адно слова (плюс), літаральна перадае арыгінальнае слова desktop. Працоўны/рабочы стол – два словы (мінус).

Група згадзілася з наступным: desktop = стальніца.

 

Прагучалі прапановы наконт wallpapers (абрус, настольнік замест шпалер; матывацыя – мы не клеім шпалеры на стол). Але гэты тэрмін не абмяркоўваўся ў ЖЖ, таму яго пакінулі на наступную сустрэчу.

 

Online/Offline:

ЗС: online можа быць у розных кантэкстах: прыметнік, прыслоўе і г.д.

УК: трэба пакідаць онлайнавы, офлайнавы і не дурыць галавы.

АБ: калі можна перакласці, трэба перакласці.

ІГ: давядзіце, што сеціўны/сеткавы, пазасеціўны/пазасеткавы не пасуюць. [довадаў не агучана.] Яшчэ ёсць варыянт нясеціўны/нясеткавы. Што лепш?

УК: Пазасеціўны – лепш за нясеціўны: ён часова па-за тым, да чаго аб'ект у прынцыпе далучаны. Нясеціўны – можа быць зусім не далучаны.

 

online = сеткавы (спалучаны з сеткай); сеціўны (спалучаны з сецівам); у сеціве.

offline = пазасеткавы (не спалучаны з сеткай); пазасеціўны (не спалучаны з сецівам); па-за сецівам.

 

Літара: вялікая ці малая – Сеціва ці сеціва?

ЗС: Гэта ўласная назва, трэба пісаць з вялікай літары.

УК: іншага значэння для «сеціва» няма. Можна было б пісаць і з малой.

ЗС: так, можна. У любым разе, гэта не чыстае пытанне тэрміналогіі, тым больш што мы фіксавалі сеціва ў нетэрміналагічным кантэксце. Для гэтага ёсць правілы напісання вялікай/малой літары, у іх і трэба глядзець.

 

Order = парадак. Arrange ды інш. пакінутыя на наступныя сустрэчы.