Сустрэча
 
14
студзеня
субота
а 14.00
(каля м.Магілёўская)
Сустрэчы‎ > ‎

Дзясятая сустрэча

Сустрэча, 19 верасня 2010 года.

Прысутныя: А. Булойчык, З.Саўка, У.Кошчанка, У.Чорны, А.Несцераў, І.Грачышка.

 

Default:

ІГ: вынікі галасавання на by_mova – 75% за «перадвызначаны».

АН: цяжка ўявіць, як хтосьці кажа «скінь на перадвызначаныя значэнні». Будуць карыстацца «дэфалтовым»...

ЗС: default у нас ужо ёсць – у англійскай мове. «Дэфалтовы» ды інш. могуць ужывацца ў слэнгу, але ў афіцыйным ужытку варта ўжываць тое, што мы пастанаўляем.

УК: Народ і «дэфалтовы» не кажа – кажуць «па змоўчанні», і ўсё.

ЗС: нам цяжка, бо людзі карыстаюцца мадэлямі рускай мовы, штораз наноў ствараюць сваё, адштурхоўваючыся ад мадэляў рускай мовы. Вось і выходзіць «па змоўчанні».

Суполка пастанаўляе: default = перадвызначаны.

 

Software:

УК: Мы замацавалі software = апраграмаванне. А як software product? Праграмны прадукт.

Таму трэба падаць дадатковы пераклад для software (adj.) = праграмны.

 

Icon:

ЗС: суфікс -ак шырока ўжываецца пры суфіксальна-прэфіксальным утварэнні (напр., унёсак, высілак). Але калі шукаць словы без прыстаўкі, то адзінае такое слова:пачак. Што да народнай мовы, то такі фармант – не рэдкасць, хаця тут можна было б шукаць уплывы польскай мовы. Такая словаўтваральная мадэль ёсць, але яна надзвычай нечастотная, таму ёсць сумненні ў натуральнасці слова значак. Гэта ў пэўным сэнсе пурыстычныя ўцёкі ад значок.

УК: мадэлі – гэта важна, але гэта не ўсё. Часам выстрэльвае якое слова з мала пашыранай мадэллю (прыклад: прадавачка). І ў гэтым няма трагедыі, праблемы. Калі слова значак папулярнае, можна было б і трымацца яго, не зважаючы на яго нечастотную мадэль.

АН: няма нагоды казаць значак, калі скажаш значок - і ўсе зразумеюць.

ЗС: у значок бачу два мінусы: 1) лішкавая памяншальнасць; 2) (суб'ектыўна) як у рускай мове.

ІГ: калі такая мадэль ёсць у беларускай мове, то можна глядзець і на значак. Варыянты ў прынцыпе аднолькавыя.

Суполка галасуе: значок ці значакЗначак выйграе (за значок – 1 чал.).

 

УЧ: цяпер трэба было б высветліць, ці беглае «а» ў слова значак?

ЗС: калі суфікс пад націскам – нябеглы, калі няма націску – «а» выпадае. Таму (па той самай мадэлі, што і пачак):

 

icon =

адз. л., Н: значак, Р: значка, Д: значку, В: значак, Т: значкам, М: значку;

мн. л., Н: значкі, Р: значкаў, Д: значкам, В: значкі, Т: значкамі, М: значках.

 

Network:

АБ: ці ёсць іншыя варыянты, акрамя слова сетка? [Не.]

network = (n) сетка; (adj) сеткавы.

 

Internet:

Варыянты: сеціва, інтэрнэт, павуцінне.

ІГ: ёсць два тэрміны: internet і intranet, іх трэба перакладаць разам. Можа, сеціва пакінем для Web?

АБ: часцей ужываецца internet, там дзе маюць на ўвазе cеціва (web).

ЗС: трэба тады разнесці тэрмін на некалькі блізкіх сэнсаў.

 

web = сеціва.

internet = 1) інтэрнэт; 2) сеціва (у тэкстах нетэрміналагічнага характару).

intranet = інтранэт.

 

Undo/redo:

 

Адмяняць, адмяніць:

ЗС: адмена – гэта таксама і «варыянт чагосьці». Мінус: шматзначнасць.

 

Адкочваць, адкаціць:

ЗС: Вялікі мінус: завысокая вобразнасць.

АН: ці гэта не rollback?..

 

Адбрабляць, адрабіць/(узнаўляць, узнавіць/перарабляць, перарабіць) (прапанова АН):

ЗС: адрабіць – таксама і вярнуць пазыку, а таксама адпрацаваць (адрабіў тры дні ў полі).

ІГ: шматзначнасць тут – не загана, бо адзначаныя сэнсы – на перыферыі ўжытку. Плюс прапанаванага развязання: паўтараючы, калькуючы англійскі дублет undo+redo, мы спасылаемся да англійскіх сэнсаў праз формы словаў. Чалавек, знаёмы з англійскімі тэрмінамі, адразу зразумее, што да чаго.

 

Вяртаць, вярнуць:

АБ: надта шырокі сэнс.

ІГ: гэта і return.

 

Паўтараць, паўтарыць:

АН: як replay.

ЗС: Пытанне ў тым, колькі разоў можна паўтараць?

ІГ: паўтарыць не паказвае кірунку дзеяння ў гісторыі (назад/наперад). Можна зблытаць з запісаным «макрасам».

 

Скасоўваць, скасаваць:

АБ – гэта хутчэй cancel.

 

Анулёўваць, ануляваць:

ЗС: першае значэнне – зрабіць нулём. Ці ёсць у нашай галіне падобнае паняцце?

ІГ: так, ёсць, хоць і перыферыйнае (калі нейкі блок памяці запаўняецца нулямі).

 

Адкідаць, адкінуць:

АН: незразумела, у які гэта бок – undo ці redo?

 

АН: Розніца undo/redo – у кірунку, таму трэба перадаць гэта прыстаўкай.

 

Пасля доўгіх абмеркаванняў група прыйшла да высновы, што найлепшы варыянт з усіх наяўных – Адрабіць/(узнавіць/перарабіць), утвораны паводле схемы англійскага дублета.

undo = адрабляць, адрабіць.

redo = узнаўляць, узнавіць ці перарабляць, перарабіць (патрабуе абмеркавання ў ЖЖ).

 

Uninstall (ужо маем install = усталёўваць, усталяваць):

ІГ: слова павінна мець такі ж корань, што і «ўсталяваць». Адпаведна, ніякіх «дэінсталяцый».

 

Адсталёўваць, адсталяваць:

ЗС: новае слова.

ІГ: ...як і высталёўвацьвысталяваць.

 

Высталёўваць, высталяваць:

УК: ёсць у Google.

ІГ: ...на мяжы статыстычнай хібы. Таму абодва варыянты трэба ўважаць наватворамі. У прынцыпе, яны аднолькава заганныя і аднолькава прыдатныя.

 

Простым галасаваннем пастаноўлена, што uninstall = высталяваць, высталёўваць.

 

Напрыканцы АН прапанаваў у будучыні пераглядзець пастанову па mount/unmount – (АН): «бо маем жа р[э]-монт, то чаму не пакінуць корань, не перакладаючы - *мантаваць».